На творчай арбіце Андрэя Макаёнка

12 лістапада 2020 года споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа і Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Андрэя Ягоравіча Макаёнка.
Літаратурная гасцёўня, інтэрактыўная выстава, творчая акцыя і іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай падзеі, прайшлі на першым вучэбным тыдні ў школе.
Імя Андрэя Макаёнка было вельмі папулярным у 70-я гады XX стагоддзя. Яго называлі апосталам беларускай драматургіі. П’есы Макаёнка не сыходзілі з тэатральных падмосткаў, па яго сцэнарах пастаўлена шмат фільмаў.
Андрэй Макаёнак быў мастаком яркага, непаўторнага таленту. Ён творча развіў многія жанравыя традыцыі беларускай драматургіі, узняў яе узровень да лепшых сусветных узораў.
Імем Андрэя Макаёнка названы вуліцы ў Мінску і Гомелі, а на радзіме, у Журавічах, у 1982 годзе ў гонар народнага пісьменніка адкрыты помнік. Імя А. Макаёнка прысвоена Гродзенскай цэнтральнай бібліятэцы і Журавіцкай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна.
У Гомельскай вобласці да 100-гадовага юбілею знакамітага земляка прымеркаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў. Прапануем пазнаёміцца з новым цікавым віртуальным рэсурсам «Андрэй Макаёнак – чалавек, драматург, майстра» Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна.